Разделы
Актуально
В корне проблемы

Позади еще один год. Для лесного хозяйства страны он стал важным этапом к переходу

Искать, найти и ...

Идеи реформирования лесного хозяйства давно витали в умах лесоводов.

ООН рассчитывает на лесоводов

Публикации под рубрикой "Специально для "БЛГ", переданные из офиса ООН в Минске

Мужественный сын Кавказа

Листая альбомы Белорусского государственного архива кино-, фото-, фонодокументов, мы наткнулись на фотографию 30-летней давности.

Обновление

Для экономики Беларуси год был, наверно, самым трудным. Останавливались предприятия, замораживались стройки.

Приехали из Африки

Посетить эту примечательную во всех отношениях, "африканскую" ферму посоветовал директор Пружанского лесхоза Владимир Панасюк.

Мы - Логойщина!

Логойский район. Наша Швейцария, как патетично любят ее называть при всяком удобном случае.

Наши партнеры
Архив номеров

З лiчбамi на "ты"

Уважлівы чытач прыкмеціў, відаць, што сёння ў нас прэм'ера рубрыкі. Наспела такая неабходнасць. Бо, калі прызнацца па шчырасці, пераважна гаворым аб працаўніках асноўных лясных прафесій. А "за кадрам" часта застаецца цэлая армія незаслужана забытых намі, журналістамі, работнікаў іншых, магчыма, не такіх відовішчных спецыяльнасцей, але не менш неабходных лясной гаспадарцы. Таму ў першую чаргу мяркуецца знаёмства з рэдкімі прафесіямі. Тры гады таму Камлясгас выдаў кваліфікацыйны даведнік "Пасады служачых, занятых у лясной гаспадарцы". У гэтым нарматыўным вытворча-практычным выданні распрацаваны інструкцыі 30 кіраўнічых пасад і 24 - спецыялістаў. Але ж у сапраўднасці ў лясной гаспадарцы пасад намнога больш - у даведнік уключаны толькі асноўныя, так бы мовіць, чыста "лясныя". Калі ж гаварыць аб прафесіях (маючы на ўвазе яшчэ і спецыялізацыі), то і ўвогуле ў такім пераліку "заблудзіцца" прасцей, чым у трох соснах. Кожная работа не толькі заслугоўвае нашай з вамі, шаноўныя чытачы, увагі, але і будзе цікава даведацца пра найбольш характэрныя асаблівасці той ці іншай прафесіі і асабліва пра яе носьбітаў. А на прафесіяналах, як вы ведаеце, свет трымаецца. Ва ўсялякім разе, так павінна быць. Такім чынам, прадстаўляем сёння першы матэрыял пад рубрыкай "Аб прафесіях і прафесіяналах", а заадно просім выказаць свае заўвагі і прапановы.

"Эканаміст павінен ведаць усё". Гэтае выказванне адной з гераінь сённяшняга расказу можна, вядома, аспрэчваць: маўляў, які б ні быў геніяльны чалавек, усё ведаць і ён не здольны. Але ж ёсць спецыялісты, якіх само жыццё прымушае спасцігаць практычна ўсё, што робіцца ў маштабах прадпрыемства ці падраздзялення, дзе яны працуюць. Менавіта да такой катэгорыі адносяць эканамістаў. Да іх, быццам да энцыклапедыі, найчасцей звяртаюцца кіраўнікі і іншыя спецыялісты.

Пакуль гэта адна з самых папулярных прафесій увогуле. Памятаеце, ледзь толькі з'явіліся на свет недзяржаўныя вучэбныя ўстановы, каго яны сталі рыхтаваць? Юрыстаў і эканамістаў. Праўда, такое адчуванне, быццам мы ўжо на мяжы іх "перавытворчасці". Маладому спецыялісту з эканамічнай адукацыяй цяпер нялёгка знайсці работу. Хаця ў той жа час эканамістаў, мяркуючы па аб'явах, патрабуецца нямала, але з вопытам работы па спецыяльнасці.

Наша знаёмства сёння з двума прадстаўнікамі розных пакаленняў (дакладней, прадстаўніцамі - прафесія эканаміста, варта прызнаць, пераважна жаночая).

Галіна Старыкевіч - эканаміст па планаванню Маладзечанскага лясгаса, - калі ў 1969 годзе заканчвала Ашмянскі тэхнікум, ні на хвіліну не сумнявалася ў тым, што будзе працаваць па спецыяльнасці. З лясгасам, які тады знаходзіўся ў вёсцы Краснае, яна і звязала назаўсёды свой лёс. Падзеі асабістага жыцця цесна перапляліся з лясгасаўскімі: Галіна Мікалаеўна выйшла замуж, нарадзіла і выхавала разам з мужам дваіх дзяцей. А на работу давялося, як і цяпер даводзіцца, кожны дзень ездзіць у Маладзечна, куды перабазіравалі лясгас. Праўда, тады звычайны калькулятар ніхто не трымаў у руках. А пра камп'ютэр на вытворчасці і марыць не маглі.

- Цяпер наш лясгас на пад'ёме, - зазначае Галіна Мікалаеўна. -Летась занялі другое месца ў вобласці. З прыходам новага дырэктара Анатоля Аляксеевіча Ермаловіча ўкараняюцца новыя метады высечак, рэканструіруецца і дабудоўваецца кантора лясгаса.

Увогуле, нічога дрэннага яна не можа сказаць і пра трох папярэдніх кіраўнікоў лясгаса, з якімі ёй давялося працаваць на працягу апошніх 34 гадоў. І яе асабісты ўклад не застаўся не заўважаным. Сёлета да 8 Сакавіка за шматгадовую добрасумленную працу Камітэт лясной гаспадаркі ўзнагародзіў Галіну Старыкевіч Ганаровай граматай з выдачай грашовай прэміі.

- Нечаканасцю для мяне была такая падзея, - прызнаецца Галіна Мікалаеўна. - Але вельмі прыемна. І такі душэўны пад'ём!

І ўсё ж, вяртаючыся ад святаў і ўзнагарод да звычайных будняў, трэба канстатаваць, што пакаленню эканамістаў-практыкаў, да якога належыць і Старыкевіч, працаваць цяпер намнога складаней, чым маладым. Хаця хто сёння абыходзіцца без цяжкасцей?

- Прасцей і лягчэй было некалі. А зараз амаль на ўсё не хапае грашовых сродкаў. Даводзіцца рабіць вельмі многа разлікаў, лічыць акупнасць кожнай дзялянкі, кожнага віда высечкі. Прасцей, трэба ўсё, што яшчэ толькі плануецца рабіць у лясгасе, дакладна пралічваць наперад, - быццам падсумоўвае Галіна Мікалаеўна.

Але ж, пэўна, галоўная цяжкасць у асваенні камп'ютэрных тэхналогій, без якіх цяпер не абыходзяцца не толькі разлікі, але і практычна ўся дакументацыя. Разумеючы, што без камп'ютэра сёння і ні туды, і ні сюды, Старыкевіч была адной з самых старанных курсантак у Рэспубліканскім вучэбным цэнтры. І па сённяшні дзень з удзячнасцю ўспамінае выкладчыкаў цэнтра, якія так даходліва і цярпліва растлумачвалі камп'ютэрную грамату. А далей свой багаты практычны вопыт Галіне Мікалаеўне давядзецца, быццам музыку на нотныя лінейкі, пакрысе перакладваць на мову камп'ютэра.

Разам са Старыкевіч праходзіла перападрыхтоўку ў вучэбным цэнры ў Ждановічах і Іна Такарэўская, эканаміст па бюджэтнай дзейнасці Пружанскага лясгаса. Яе працоўны стаж усяго 6 гадоў. Але, як кажуць, молада ды не зелена.

- Калі паступала ў тэхналагічны інстытут на спецыяльнасць "Лясная гаспадарка", - прызнаецца Іна Міхайлаўна, - сваю будучую прафесію ўяўляла прыблізна. Юнацкія мары малявалі перспектывы работы ў сістэме азелянення ці ў дэндрапарку, а, магчыма, і ў лесе. А на справе мая работа аказалася больш звязанай з лічбамі.

Але яна ні аб чым не шкадуе. Прафесію эканаміста таксама лічыць творчай. Эканамісту, што прыйшоў у лясную гаспадарку "з боку", было б цяжэй працаваць. Ёй дапамагаюць не толькі набытая тэорыя, а і хатнія кансультацыі. Справа ў тым, што яе муж, Ігар Георгіевіч, патомасны лесавод, ляснічы Пружанскага лясніцтва, дзед якога служыў некалі таксама ляснічым у Белавежскай пушчы. А значыць, жонка ведае сапраўдны стан спраў у падраздзяленнях, што немалаважна.

- Камп'ютэрызацыя істотна дапамагае ў нашай рабоце, - зазначае Іна Міхайлаўна. - Можна зрабіць больш значны аб'ём з дапамогай камп'ютэра. Эканаміст жа павінен ведаць як мага больш і не саромецца "саваць свой нос" усюды, дзе патрабуюць інтарэсы справы, і абавязкова ўлічваць усё да дробязей.

А што перашкаджае нармальнай рабоце эканаміста? Іна Міхайлаўна лічыць, што гэта перш за ўсё нестабільнасць, калі часта мяняюцца законы, нарматывы.

Вучыцца эканамісту трэба кожны дзень, упэўнена Такарэўская: па спецыяльнай літаратуры, перыядычным друку, на розных курсах і пераймаць вопыт спецыялістаў, што працуюць побач. Для Іны Міхайлаўны такі аўтарытэт і настаўнік - вядучы эканаміст Пружанскага лясгаса Ніна Сцяпанаўна Аніськевіч, якая вядзе гаспадарча-разліковую дзейнасць.

- Толькі дзякуючы Ніне Сцяпанаўне, - гаворыць Такарэўская, - наш лясгас добра вядомы ў вобласці. Усё, што я магу сёння рабіць, гэта заслуга маёй настаўніцы.

Хаця кажуць, што людзей незаменных няма, па вялікаму рахунку, кожнага сапраўднага спецыяліста павінны шанаваць (і шануюць) і яго начальнікі, і калегі. Памятаю сваю даўнюю журналісцкую камандзіроўку ў Беразіно. На розныя тэмы мы гаварылі тады са старшынёй райвыканкама, падрабязнасці цяпер і не ўспомню. Але вельмі ясна ўсплываюць эпізоды, калі ён, чалавек не новы ў раёне, некалькі разоў браўся за тэлефонную трубку, каб удакладніць тое ці іншае пытанне ў кіраўніка спраў райвыканкама, але ўспамінаў, што яна ў камандзіроўцы. Нарэшце, калі нязнойдзеных адказаў сабралася шмат, раённы кіраўнік, які, дарэчы, і на абласным узроўні быў у ліку лепшых, відаць, сам таго не чакаючы ад сябе, неяк бездапаможна апусціў рукі і сказаў: " Без Соф'і (прабачце, імя па бацьку гэтай жанчыны я забыўся), як без рук!". Вось такой "энцыклапедыяй на нагах" быў для ўсяго райвыканкама той спецыяліст.

- А вы маглі б сказаць пра сваіх эканамістаў, што без іх, як без рук? - Такое пытанне я задаў кіраўніку з вялікім стажам, дырэктару Рагачоўскага лясгаса Мікалаю Гапееву.

- Вядома, - адказаў Мікалай Анатольевіч. - Я ім поўнасцю давяраю. І не толькі таму, што ў Леаніды Браніславаўны Крапіцкай і Антаніны Іванаўны Назаравай амаль трыццацігадовы вопыт работы на пасадах (першая - эканаміст па гаспадарчаразліковай дзейнасці, другая - па бюджэтнай), што ў абедзьвюх вышэйшая адукацыя. Перш за ўсё, спецыяліста ацэньваеш па адносінах да работы і канкрэтных выніках. Адзінае, аб чым я заўсёды напамінаю ім: больш праяўляйце ініцыятывы, не чакайце нейкіх указанняў. Увогуле, ролю эканамістаў у цяперашніх умовах я назваў бы дамініруючай. Нават на працягу месяца з іх падказкі можна значна паправіць эканамічнае становішча: вось гэта прыносіць нам страты, ці не лепш пераключыцца на такі від работ? Ім трэба быць заўсёды ў курсе ўсіх спраў лясгаса і пастанна вучыцца: уважліва сачыць за зменамі ў заканадаўстве, навінкамі па спецыяльнасці і г. д.

Нагадаю, што эканамістаў для лясной гаспадаркі рыхтуюць у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.

Автор: Міхась ВЯРГЕЙЧЫК

2013
Copyright © lesgazeta.info