Разделы
Актуально
В корне проблемы

Позади еще один год. Для лесного хозяйства страны он стал важным этапом к переходу

Искать, найти и ...

Идеи реформирования лесного хозяйства давно витали в умах лесоводов.

ООН рассчитывает на лесоводов

Публикации под рубрикой "Специально для "БЛГ", переданные из офиса ООН в Минске

Мужественный сын Кавказа

Листая альбомы Белорусского государственного архива кино-, фото-, фонодокументов, мы наткнулись на фотографию 30-летней давности.

Обновление

Для экономики Беларуси год был, наверно, самым трудным. Останавливались предприятия, замораживались стройки.

Приехали из Африки

Посетить эту примечательную во всех отношениях, "африканскую" ферму посоветовал директор Пружанского лесхоза Владимир Панасюк.

Мы - Логойщина!

Логойский район. Наша Швейцария, как патетично любят ее называть при всяком удобном случае.

Наши партнеры
Архив номеров

Уваскрасае замак любчанскi. А другое жыццё даюць яму палкоунiк i мясцовы ляснiчы

Любчанскі замак - помнік дойлідства XVI-XVII стагоддзя пабудаваны магнатам Янам Кішкай. Само ж паселішча вядома з ХIII стагоддзя. Валодаў ім князь Міндоўг, які потым падараваў Любчу апальнаму кіеўскаму баярыну Андрэю Кіяну. Замак пачынаў узводзіць у XVI стагоддзі Кішка, а закончыў яго ў XVII Багуслаў Радзівіл. Пастаўлены быў на высокай насыпной гары, меў памеры 85 х 85 метраў. У цэнтры размяшчаўся палац, побач - флігель для чэлядзі, па чатырох вуглах стаялі вартавыя вежы з таўшчынёю сцен не меней метра. Іх упрыгожвалі флюгеры з гербам Радзівілаў. Сцены мелі байніцы для стральбы з ручнай зброі і невялікіх гармат. З трох бакоў замчышча акружаў глыбокі роў, з чацвёртага - Нёман. Прайсці і праехаць у замак можна было толькі цераз пад'ёмны мост.

Ля падножжа замчышча рака раней не працякала, рэчышча яе знаходзілася за паўкіламетра. Нашы продкі, каб засцерагчыся ад нападаў ворагаў, пракапалі канал, і новае рэчышча аказалася побач з абарончай пабудовай. Вадой з Нёмана запоўнілі і роў. Па некаторых даных крэпасць спрабавалі па меньшай меры двойчы захапіць крыжаносцы, потым - татары.

У час другой асады крыжаносцаў любчанцы праявілі незвычайную смеласць і кемлівасць. Нападаючыя, не могучы ўзабрацца на стромкі насып у цяжкіх латах (яны разам са зброяй важылі да 40 кілаграмаў) паскідалі іх і пакінулі ў лагеры. Любчанцы ноччу зрабілі вылазку, захапілі абоз крыжакоў з коньмі, баявым рыштункам і харчам, і прыгналі яго ў крэпасць. Крыжаносцы адступілі. І толькі аднойчы замак быў захоплены - у 1655 годзе ўкраінскімі паўстанцамі Івана Залатарэнкі. Пры якіх абставінах - гісторыя замоўчвае.

Што зараз уяўляе сабой некалі магутная любчанская цытадэль? Пры наведванні яе малюнак адкрыўся незайздросны. З усяго комплекса пабудоў ацалелі толькі дзве вежы, палац (некалькі разоў перабудаваны і зараз прыстасаваны пад вучэбна-вытворчы камбінат аддзела адукацыі), флігель і фрагменты ўязной брамы. Зусім нядаўна і вал, і роў без вады ўяўлялі сабой недагледжаны ні то парк, ні то гай. Побач са здаровымі дрэвамі валяліся згніўшыя, паўсюдна - смецце, ламачча. Цяпер дрэвы спілаваны, абцярэблены, частку ўжо мясцовы калгас забраў на дровы.

Навогуле, малюнак двуякавы. З аднаго боку запусценне, з другога - адчуваецца прысутнасць і нават дзейнасць чалавека. Адна з вежаў выглядае калі не новай, то добра падноўленай. Самы верх яе, расшыраны ўвышыні, зроблены з новай цэглы, змайстраваны і мудрагелісты дах, на ім нават флюгель ляніва паварочваецца... Каля былога палаца стаяць іншамаркі, з комінаў флюгеля цягне дымком, побач на вяроўках сушыцца бялізна. Другая ацалелая вежа пакрыта часовым матэрыялам - рубероідам, каб не зацякала і не разбуралася далей.

З крутога насыпу замка краявіды адкрываюцца непаўторныя: унізе ўецца сіняя стужка Нёмана, за ёй да самага гарызонту раскінуліся пойменныя лугі, а ў канцы іх - зубчастая палоска Налібоцкай пушчы. Паветра чысцюткае, яго не ўдыхаеш, а п'еш, як крынічную ваду.

Загледзеўшыся на хараство любчанскіх прастораў, ледзь не спатыкаюся аб вялізную кучу смецця. Мой гід, ляснічы Любчанскага лясніцтва Генадзь Пячынскі заўважае:

- Гэта яшчэ частка такога "дабра" засталася. Мы з падвала толькі галоўнай вежы вывезлі сем трактарных цялежак рознай мярзоты. Усё гэта "удзячныя" нашчадкі нарабілі - з вучэбнага камбіната, жыхары флігеля, пасёлка.

Пытаюся ў Генадзя Антонавіча, хто гэта "мы"? І ён расказаў наступную гісторыю.

Брат ляснічага, Іван Антонавіч, усё свядомае жыццё аддаў службе ў арміі. Даслужыўся да палкоўніка, пайшоў у адстаўку, прычым, вымушаную, бо мужчына быў у росквіце сіл. Мо з гэтай прычыны (стрэс ад звальнення, змена ўклада жыцця, адарванасць ад калектыву) баявы афіцэр цяжка захварэў. Са скрухай прызнаваўся брату, што пражыў жыццё, а належнага добрага следу на зямлі не пакінуў. Успомняць любчане, што быў некалі такі іх зямляк - палкоўнік Пячынскі - і ўсё на гэтым.

Іван паздаравеў, знайшоў сваю нішу ў вірлівым рыначным асяродку - стаў камерсантам. Але тая размова не была жалобай або прызнаннем хворага чалавека. Напрыканцы мінулага года ён звярнуўся да брата з незвычайнай прапановай: давай адновім Любчанскі замак. Генадзь напачатку аднёсся да прапановы скептычна: дзе ж узяць сродкі, матэрыялы, рабочую сілу?

- А мы з табой што, не сіла? І другія знойдуцца. Сродкі пэўныя я выдзелю, а там улады падключым, мясцовы калгас, добраахвотнікаў знойдзем...

У Івана, што называецца, і галава варыць, і рукі на месцы. Яго сялянскай хватцы, інжынернаму складу розуму можна толькі пазайздросціць. У арбіту яго ініцыятывы паступова ўцягваліся і пасялковы Савет, і райвыканкам, і мясцовы калгас. Лясгас, напрыклад, выдзеліў 10 кубаметраў лесу-кругляку, 6 - піламатэрыялаў. Кругляк распілавалі на калгаснай пілараме, падвезлі калгасным трактарам.

Пячынскі аб'ездзіў сталічныя ВНУ і з ліку студэнтаў БНТУ і Акадэміі мастацтваў набраў атрад валанцёраў. Больш за два дзесяткі хлопцаў і дзяўчат разбілі палатачны гарадок. Харчаваліся за свой кошт, працавалі бясплатна. На выхадныя дні прыязджаў Іван Антонавіч, прывозіў са сталіцы харчы. І вось так, за пяць месяцаў работы, без фінансавання з боку, энтузіясты асвоілі больш за 20 мільёнаў рублёў.

... Генадзь Антонавіч заўважыў, што, каб мець уяўленне аб зробленым, трэба абавязкова пабываць у адноўленай вежы. Здалёк яна мне падалася не надта ўнушальнай, але калі пабываў унутры, зразумеў, наколькі гэта сур'ёзнае збудаванне. Яно складаецца з шасці паверхаў - два пад зямлёй і чатыры зверху. Праз паверх у вуглах вежы зроблены каміны. Дымаходы іх праходзяць праз сцены і такім чынам абаграваюць увесь будынак.

Па лесвіцах падымаемся наверх, пад самы дах.

- Заўважце, - гаворыць Генадзь Антонавіч, - усе перакрыцці зроблены без адзінага цвіка, іх ролю выконваюць гэткія тоўстыя драўляныя спіцы, якія намертва звязваюць канструкцыі. Цвікі выкарыстоўвалі толькі калі рабілі дах.

Я паглядзеў уніз, і чэсна скажу, у пяткі закалола.

- Як жа вы працавалі на такой вышыні, якую тэхніку задзейнічалі, каб падняць дзесяцідзюймовыя брусы, дошкі , другія матэрыялы?

Мой гід смяецца:

- О, на гэта Іван вялікі спец. Ён сапраўдны інжынер, бясстрашны верхалаз. Прыдумаў такую сістэму блокаў, лябёдак, што шматцэнтнерныя брусы, цэлыя канструкцыі лёгка ішлі наверх. Пры кладцы цэглы знутры рабілі подмасці, прымянялі падвясныя люлькі, рамяні бяспекі.

Калі Пячынскія разгарнулі работы па аднаўленню замка, у высокіх інстанцыях успомнілі, што Любчанскі замак з'яўляецца помнікам архітэктуры 2-й катэгорыі (усяго іх 4) і ахоўваецца дзяржавай. Дэпартамент па ахове гісторыка-культурнай спадчыны нават прызначыў на аб'ект навуковага кіраўніка-кансультанта - А.Кандрацьева. Той знайшоў у архівах чарцяжы перакрыццяў і дахаў аналагічных замкаў XVІ стагоддзя. Па іх і пачалі будаваць. А калі пабудавалі, пачаліся спрэчкі, якім павінен быць дах: у стылі барока, гатычнага конуса ці мець рэнесансную форму. Перабудова даха пацягне дадатковыя выдаткі.

Як гаворыцца, хацелі як лепей, а атрымалася, як заўсёды.

Яшчэ раз абыходзім з Генадзем Антонавічам тэрыторыю замка-крэпасці.

- Вось захаваліся фундаменты замкавых сцен, - паказвае Пячынскі на зарослыя травой груды. - Ёсць дамоўленасць з калгасам "Прынёманскі", што ён акажа дапамогу ў іх аднаўленні. Увогуле, калі аднавіць другую вежу, адсяліць з флігеля людзей, вырашыць пытанне з вучэбным камбінатам, зрабіць усё, як было ў даўніну, то можа атрымацца цудоўны музейны комплекс. У тых жа вежах, флігелі можна адкрыць кафэ або харчэўню ў стылі рэтра, нёманскімі водамі запоўніць роў, зрабіць аглядавыя пляцоўкі-тэрасы. І калі аб'яднаць Мірскі, Навагрудскі, Лідскі і Любчанскі замкі, Заслаўскі гістарычны, Лошыцкі лесапаркавы комплексы, другія адметныя мясціны, то можна зрабіць па прыкладу Расіі "залатое кальцо" Беларусі. Гэта будзе цудоўны турыстычны маршрут, гэта жывыя грошы. Вось толькі незразумела, хто будзе гаспадаром замка, хто будзе даглядаць, ахоўваць яго, сачыць за парадкам, сустракаць і праводзіць гасцей. Комплекс пад аховай дзяржавы, і па логіцы ім павінны ўшчыльную заняцца раённая і абласная адміністрацыі, адпаведныя дэпартаменты і службы...

Правы, ох як правы Генадзь Антонавіч. Цяпер, калі справа зрушылася з месца, трэба падтрымаць ініцыятыву Пячынскіх - знайсці інвестараў, спонсараў. Можна нават афіцыйна перадаць замак ці яго частку прыватнай асобе (заканадаўства гэта дазваляе) таму ж Івану Пячынскаму. Бо што толку ад лозунга "знаходзіцца пад аховай дзяржавы", калі дзяржава не ведае, якім скарбам валодае і нічога не робіць, каб зберагчы і прымножыць гэты скарб. Гэта не проста словы. Каб пакрыць чарапіцай дах адноўленай вежы, патрэбна 8 мільёнаў. Райвыканкам паабяцаў выдзеліць 2 мільёны на гэтыя мэты. Аднак пакуль што не выдаткавана ні рубля. А братам Пячынскім хочацца толькі сказаць вялікі дзякуй за зробленае, і за тое, што яны яшчэ зробяць.

На здымку: башня паўстае з руін.

Автор: Іван СУРМАН

"Белорусская лесная газета"

2013
Copyright © lesgazeta.info