Разделы
Актуально
В корне проблемы

Позади еще один год. Для лесного хозяйства страны он стал важным этапом к переходу

Искать, найти и ...

Идеи реформирования лесного хозяйства давно витали в умах лесоводов.

ООН рассчитывает на лесоводов

Публикации под рубрикой "Специально для "БЛГ", переданные из офиса ООН в Минске

Мужественный сын Кавказа

Листая альбомы Белорусского государственного архива кино-, фото-, фонодокументов, мы наткнулись на фотографию 30-летней давности.

Обновление

Для экономики Беларуси год был, наверно, самым трудным. Останавливались предприятия, замораживались стройки.

Приехали из Африки

Посетить эту примечательную во всех отношениях, "африканскую" ферму посоветовал директор Пружанского лесхоза Владимир Панасюк.

Мы - Логойщина!

Логойский район. Наша Швейцария, как патетично любят ее называть при всяком удобном случае.

Наши партнеры
Архив номеров

У згодзе з навакволлем, цi што трэба для шчасця

Лічу распаўсюджанай памылкай уяўленне некаторых гараджан пра сельскіх жыхароў: маўляў, вяскоўцы жывуць у поўнай гармоніі з наваколлем, а таму здароўе ім быццам ад зямлі дадзена. Як выхадзец з вёскі, скажу, што гэта далёка не заўсёды так. Проста сяльчане, асабліва тыя, чыя праца звязана з лесам, маюць больш шанцаў паяднацца з прыродай, існаваць па яе законах. Вось толькі карыстацца такім унікальным бясплатным дарам умеюць далёка не ўсе. Некалі чуў пра адзінкавыя выпадкі, калі па рэкамендацыі ўрачоў людзі мянялі сваю прафесію, звязаную са шкоднымі ўмовамі, на работу ў лесе, але асабіста з такімі не даводзілася сустракацца.

А што ж перашкаджае ў поўнай меры выкарыстоўваць прыродныя фактары з карысцю для свайго арганізма. Не будзем крывіць душой, закрываць вочы на існуючую праблему. Што ў першую чаргу губіць вёску? Малая зарплата? Аддаленасць ад цывілізацыі? Адсутнасць перспектывы, асабліва для моладзі? Усё гэта і многае іншае, што негатыўна адбіваецца на сельскім укладзе жыцця, як кажуць, мае месца. Але галоўная прычына, прызнаемся, ў іншым: вёска вымірае ад ал-ка-го-лю! Пра якія карыснасці існавання на ўлонні прыроды можна гаварыць, калі чалавек п'е? І не толькі тое, што прадаецца ў вясковай краме - гарэлку і "чарніла", - а і чорт ведае якія іншыя сурагаты?

Мне ж нядаўна давялося сустрэцца з чалавекам, які спакойна абыходзіцца без гэтай атруты і на якога ўжо не глядзяць аднавяскоўцы, як на белую варону. Здараецца, праўда, што іншыя жанчыны часам зайздросяць яго жонцы. Але ж не толькі за гэта паважаюць аднаго з лепшых леснікоў у Чавускім лясніцтве, а цяпер ужо і ў нядаўна створаным аднаіменным лясгасе, Леаніда Гунаева. Не толькі за гэта любіць свайго мужа Святлана Аляксандраўна і ганарацца бацькам 15-гадовая Таня і 7-гадовы Андрэй.

Лесніком Леанід Іванавіч працуе не так даўно - восем гадоў, - да таго рабіў трактарыстам у саўгасе "Савецкая Беларусь". Каб быць бліжэй да яго работы, сям'я нядаўна пераехала з Пухнавы ў маленькую вёску Скварск, дзе Гунаевы купілі сціплую нават па вясковых мерках хату, затое на самым беразе Проні. А за рэчкай пачынаецца яго абход, куды Леанід Іванавіч дабіраецца праз масток. Мне расказвалі, што Святлана імкнецца стварыць стварыць найлепшыя ўмовы для работы мужа. І пераезд на новае месца жыхарства, дарэчы, з вёскі, дзе засталася яе маці, і хаджэнні па інстанцыях з хадайніцтвам на ўстаноўку хатняга тэлефона, без якога цяпер цяжка ўявіць леснікову службу, - усё гэта жончына ініцыятыва. Не гаворачы ўжо пра тое, што яна надзейна забяспечвае сямейны тыл: і дзеці дагледжаныя, і гаспадарка ў асноўным яе клопат.

Пра апошняе варта сказаць асобна: гаспадарка ў Гунаевых немалая і яна наўрад ці была б пад сілу аднаму чалавеку. Апрацоўваць гектар зямлі мала якая вясковая сям'я адважыцца. А на падворку ў іх конь, дзве каровы (малако і дзяржаве здаюць), свінні і іншая шматлікая жыўнасць. Праўда, мінулай восенню ўсе 12 адкормленых за сезон гусей аднойчы не вярнуліся дадому. Хутчэй за ўсё сталі здабычай браканьераў. Але і сёлета гаспадар не адмовіўся ад ідэі вырошчваць іх, плануе купіць у Расіі нейкую асобную пароду. Кожны з членаў дружнай сям'і імкнецца ўнесці пасільны ўклад у агульную справу. Таня, напрыклад, пры неабходнасці накорміць жывёлін і курэй, падоіць кароў. Усе разам садзяць і даглядаюць агарод, варочаюць і зграбаюць накошанае бацькам сена, складваюць дровы, якія спрабуе секчы і маленькі Андрэй. Але асабліва яму падабаецца бацькава работа. Так і заяўляе, што будзе лесніком ці егерам (Леанід Іванавіч па просьбе мясцовай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў выконвае яшчэ і абавязкі егера - на па ўстаўкі).

Большасць прадуктаў на стале ў Гунаевых са свайго агароду, сабраныя і перапрацаваныя сваімі рукамі. Ад таго яшчэ больш смачныя і карысныя для арганізма. Здараецца і рыбка з Проні. А яшчэ больш дароў лесу, на якія вельмі багатае наваколле. Леанід Іванавіч неаднойчы правяраў іх на прадмет радыяцыйнай бяспекі: ўсё ж здараюцца адхіленні ў лясах Чавускага, як і іншых раёнах Магілёўшчыны. І пераканаўся, што яго абход - адзін з самых чыстых. Сёлета быў шчодры ўраджай на грыбы, асабліва белыя. (І цяпер адчуваю цудоўны смак супу з імі, зваранага ў вясковай печы, якім мяне пачаставалі!) Сям'ёй збіралі суніцы, чарніцы, маліну, брусніцы, ажыны. Зварылі варэнне, кампоты, часткова замарозілі. А цяпер вітаміннай прадукцыі хапае ўдосталь і на харчаванне, а пры неабходнасці, і на лячэнне. Акрамя маліны пры прастудзе, напрыклад, вельмі эфектыўнае бруснічнае лісце, нарыхтаванае ў перыяд цвіцення, расказала мне Святлана Аляксандраўна. Яна ж прызналася, што, на жаль, мала ведае пра іншыя лекавыя расліны, на якія так багаты мясцов ыя лясы. Але марыць папоўніць сваю хатнюю аптэку лекамі, якія дорыць нам прырода. Думаю, што зрабіць гэта ёй удасца, калі ёсць такое жаданне. Людзям, якія жывуць ў гармоніі з прыродай, спасцігаць яе таямніцы намнога прасцей.

Агульныя клопаты мацуюць сям'ю Гунаевых, прывучаюць дзяцей да адказнасці, прыносяць маральнае задавальненне. Увогуле размераная праца на ўлонні прыроды, лічу, - аснова псіхічнага здароўя і, бадай, самы надзейны падмурак здароўя фізічнага. Варта толькі дазволіць сабе парадавацца сэрцу за сабранае ў копы духмянае сена, за дружныя ўсходы на дагледжаных градках, за мора кветак на ўзлеску, за пах жывіцы ў сасновым бары... Чым больш такіх радасцей, тым лепш вы сябе адчуваеце. І калі вы здольны на такія тонкія эмоцыі, можаце лічыць сябе шчаслівым чалавекам.

На здымку: Леанід Гунаеў са сваім пераемнікам - сынам Андрэем.

Фота аўтара.

Автор: Міхась ВЯРГЕЙЧЫК

"Белорусская лесная газета"

2013
Copyright © lesgazeta.info